1-й тур. Обзор.

 Ну дык вось. Раптоўна, як дождж у кастрычніку альбо красавіцкая адліга, надышоў юбілейны, 15-ты сезон нашых спаборніцтваў, неўміручага FF. Першы тур абышоўся без сюрпрызаў: перамаглі тыя каманды, якія знаходзіліся вышэй у мінулым чэмпіянаце, а колішнія суседзі па п’едэсталу 3-й лігі разышліся з мірам. Не марудзячы, на першы радок узгрувасціўся Белінвест. Праўда, ён і згуляў ужо двойчы. І абодва разы (вось дык нечаканачка!) перамог з буйным лікам. Тыдзень таму першай ахвярай чэмпіёнаў стаў Абсалют, у мінулую суботу – Ялавічына (яна ж – Гавядзіна), адзіная, бадай, загадка турніру, склад якой будзе фармавацца, здаецца, на ўсім яго працягу. Разгромаў на старце хапіла – больш паловы. Акрамя БІ, з буйных перамог пачалі турнір Penalty.by i DHL Minsk. Першыя з максімальным пакуль разрывам былі мацнейшыя за “мексіканцаў”, якіх цяпер завуць Клімат24.бел; другія, як і ў мінулым чэмпіянаце, першымі аформілі “сухар”, не спазнаўшы істотных праблем супраць Phoenix Systems. Але ж надышоў час і больш упартых гульняў. Першымі паспрабавалі зачапіць фаварыта пары Крэпкія (ці Дужыя, ці Моцныя) Арэшкі – толькі на прыканцы гульні Insurance United вырваў перамогу. Нешта падобнае атрымалася і ў гульні (яна ж – дэрбі) Арыенціра з Якарам – апошні доўга вёў з мінімальным лікам, але не ўтрымаў нават нічыей. Але ж зусім без мірных зыходаў першы тур не застаўся – у апошняй гульні не выявілі наймацнейшага Абсалют з Азімымі: тыя і іншыя па разу мелі перавагу ў два мячы, але не ўтрымлівалі яе, вынікам чаго і стала першая ў сезоне “міравая”. А яшчэ быў першы VAR, а потым – і другі. Для параўнання: у мінулым сезоне гэтай магчымасцю ніхто так і не скарыстаўся – мусіць, забыліся на такую опцыю…

 Далей паспрабуем паглядзець на падзеі першага тура крыху больш падрабязна. Гульні БЕЛІНВЕСТ – АБСАЛЮТ і БЕЛІНВЕСТ – ГАВЯДЗІНА (ЯЛАВІЧЫНА) (9:4 і 12:6 адпаведна) – гэта тое, да чаго мы даўно звыклыя. БІ дакладна ведае, чым скончыцца большасць яго гульняў, таму не надае асобнай увагі абароне, дазваляючы пагуляць і супернікам. І тыя з задавальненнем прынялі ўмовы гульні. У выніку атрымаліся два самых пакуль рэзультатыўных матчы. Гавядзіна (яна ж – Ялавічына) дык увогуле разышлася – 6 мячоў БІ ўсё ж такі прапускае рэдка (у тым сезоне, напрыклад, такое здарылася ўсяго аднойчы). Хет-трыкамі адзначыліся Віталь Аўдзееў і Іван Моргун (так, Смерці Квазімода больш няма з намі – нажаль…) А ў Белінвеста на старце моцна выбухнуў Аляксандр Тарлікоўсі – 8 галоў за дзве гульні і ўпэўненае лідэрства ў спісу бамбардзіраў. Таксама адзначым, што ў першай жа гульні галамі адзначыліся два варатара: “абсалютавец” Аляксандр Харлаагійн і Аляксей Коршун з БІ…

Яшчэ адзін варатарскі гол здарыўся ў гульні PENALTY.BY – КЛІМАТ 24.БЕЛ (10:1). Відавочна, менавіта з гэтай мэты пераапрануўся на канцоўку ў брамніка Кірыла Туз, калі лёс гульні быў ужо вырашаны. Шчыра кажучы, вырашаны ён быў яшчэ раней, у першай палове. У “месіканцаў” з новай назвай не было аніякіх шанцаў – Пенальці меў вялікую перавагу, што і адбілася на канчатковым выніку. Дададзім, што той варатарскі гол стаў трэцім ў матчы для Туза – вось вам яшчэ адзін аўтар “трука з капелюшом”. І трошкі пра “вар”. Менавіта ў гэтым матчы ён адмяніў гол Клімата, пастанавіўшы, што сірэна прагучала “за 1 см ад лініі”. Зрэшты, у хуткім часе Іван Фундарэнка здолеў-такі “размачыць” браму Пенальці…

Яшчэ адзін разгром атрымаўся да таго ж і “сухаром”, і нічога дзіўнага, што яго аўтар – DHL MINSK, які і ў тым сезоне часцей за іншых захоўваў сваю браму ў недатыкальнасці. На гэты раз у ёй знаходзіўся Яўген Дайнэка, замяшчаючы аднаўляючагася пасля аперацыі капітана. Шчыра кажучы, работы ў яго было няшмат – “перавозчыкі” на працягу ўсёй гульні мелі адчувальную перавагу над PHOENIX SYSTEMS, аб чым красамоўна сведчыць канчатковы лік (7:0). Юрый Папоў і Кірыла Машканцаў зрабілі па дублю, таксама ў гэтым матчы адбыўся першы самастрэл турніра – Элан Жукоўскі адкрыў лік галам як гэтай гульні, так і ўвогуле суботы, трапіўшы па сваёй браме. Дарэчы, калі аўтар недзе памыліцца ў напісанні вашых імя ці прозвішча, то ён просіць не крыўдзіцца на яго, а лепш паведаміць, як трэба пісаць правільна. Дзякуй вам вялікі…

Першая гульня з якой-ніякой інтрыжкай адбылася паміж КРЭПКІМІ (МОЦНЫМІ) АРЭШКАМІ і INSURANCE UNITED. Двойчы “арэхам” даводзілася адыгрывацца пасля галоў Канстанціна Клімянка: перад перапынкам гэта зрабіў Віталь Садоўскі, апасля – Максім Прымак. Іншурэнс валодаў перавагай на працягу ўсяго часу гульні, але супернік надзейна бараніўся, час ішоў, нічыя набывала ўсё больш рэальныя абрысы. Але не – за 5 хвілін да сірэны Іван Гушча адгукнуўся на вывераную перадачу ўсё таго ж Косці (на маю думку, адзін з трох кандыдатаў на першага “віпа” сезона), а на перадапошняй хвіліне кропку ў гульні паставіў Барыс Федчанка4:2

ЯКАР таксама бОльшую частку гульні штосьці ахоўваў: спачатку мінімальную перамогу, потым – хоць бы нічыю. Але нічога не атрымалася – для яго таксама стала фатальнай 45-я хвіліна, калі Зміцер Арочка ўпершыню вывеў наперад АРЫЕНЦІР. А яшчэ праз хвіліну Андрэй Яруціч падвёў канчатковы вынік (3:1). Першая ж палова стала для “атлантаўцаў” сапраўдным кашмарам – пры вызначанай перавазе яны мала таго, што прапусцілі гол, дык яшчэ і двойчы (!!) не рэалізавалі пенальці. Сапраўдны герой гэтага часу і яшчэ добрай паловы гульні пасля перапынку – “марскі” брамнік Віктар Андрэеў (другі кандыдат у “віпы”). Але выцягнуць гульню не здолеў і ён – у апошняй чвэрці Арыенцір спыніў марнатраўства момантаў і ўсё ж такі схіліў чару шаляў на свой бок. Дарэчы, другі VAR суботы пагадзіўся з прызначэннем 6-метровага, а мы пагодзімся з Яруцічам: дэрбі на самай справе ўдалося…

Як удалася і апошняя гульня тура, якая скончылася зусім не гросмайстарскай нічыёй (4:4) Абсалюта з Азімымі. Кожная з каманд па разу мела двухгалявы гандыкап, і кожная ж ратавалася ад пройгрышу. Першая палова засталася за Азімымі. Самы хуткі гол тура забіў Аляксандр Талканіца, якога мы даўнютка не бачылі на ФФ, а пад заслону тайму Сяргей Ісайчаў падвоіў перавагу “зялёных”. Абсалюту пасля перапынку хапіла паўтайму, каб не толькі нагнаць суперніка, але і адарвацца на тыя ж два мячы. Адзначаем Аляксандра Ясюру, які забіў два апошнія галы “жоўтых” за якую хвіліну. Але так жа хутка адыграліся і Азімыя – намаганнямі таго ж Ісайчава, які ў выніку аформіў апошні хет-трык першага тура (і стаў трэццім прэтэндэнтам у героі тура па маёй версіі)… А далей без усялякіх версій – толькі факты, у нашай традыцыйнай статыстычнай рубрыцы. Але перад тым аўтар выказвае вялікую падзяку былому гульцу былога Стандарта Сяргею Каласоўскаму – без яго гэты і далейшыя агляды былі б немагчымымі. Вялікі дзякуй, Сярожа!

                                                                          МікСтТура.

 У туры згуляна 7 матчаў; забіта 67 галоў (9,6 ў сярэднім за гульню), 7 папярэджанняў, 1 выдаленне, 2 аўтагалы, 2 пенальці, «даблаў» няма), 4 разгромы, 1 валявая перамога; 1 «сухар»; 1 нічыя, 2 “вары”.

 VIP туру. Сяргей Ісайчаў (Азiмыя)

Бамбардзір туру. Аляксандр Тарлікоўскі (Белінвест) – 5 забітых мячоў.                                                 

Брамнікі туру. Яўген Дайнэка (DHL Minsk) – 0 прапушчаных мячоў, Васіль Платніцкі (Арыенцір) – 0 прапушчаных за адзін тайм.

Брамнікі-бамбардзіры. Аляксей Коршун (Белінвест), Аляксандр Харлаагійн (Абсалют), Кірыла Туз (Penalty.by) – усе па 1 забітаму мячу.

Матч тура. Абсалют — Азімымыя 4-4

Разгром. Penalty.by – Клімат 24.бел 10:1

Камбэк. Арыенцір –  Якар 3:1 з 0:1.

Хуткі гол туру.  Аляксандр Талканіца (Азімыя, 3-я хвіліна).

Фэйр плэй/няплэй. Белінвест – 0 фалоў; Арыенцір – 7 фалоў.

    21 верасня 2022.    

Оставить комментарий



девятнадцать + 3 =


Бомбардиры ТОП 15

Сборная тура