Першымі на пляцоўку выйшлі ГАВЯДЗІНА з КАРОНАЙ. У складзе першай выразна не хапала выканаўцаў, што і не замарудзіла адбіцца як на гульні, пачынаючы з другой яе чвэрці, так і на канчатковым выніку (3:19). Вядома, гэта пакуль і самы буйны лік спаборніцтваў, і самы выніковы матч, і самая багатая выніковасць адной каманды. Як ужо казалі вышэй, у браму “белых” хаця б раз траплялі ўсе прадстаўнікі Кароны, акрамя галкіпера, а Дзяніс Патоцкі і Павал Талкачоў зрабілі гэта па тры разы (спадзяемся, што пратакол нам не хлусіць, бо ў такой колькасці галоў няхітра было б і заблытацца)…
PENALTY.BY вырашыў лёс гульні на кароткім прамежку з 17-й па 21-ю хвіліны, калі адгрузіў чатыры запар галы. Другую палову PHOENIX SYSTEMS правёў добра і нават здолеў звесці яе ўнічыю, але ж нельга і не заўважыць, што Пенальці гуляў прыкметна “у паўнагі”, асабліва на прыканцы, калі дазволіў суперніку скараціць адрыў да пяці мячоў – 8:3. Але ж тры галы за тайм – адназначна дасягненне для Фенікса. Пенальці ж з часу фінальнай сірэны і дагэтуль узначальвае турнірную табліцу, атрымаўшы другую буйнУю перамогу…
З тым жа лікам скончылася і наступная гульня, хаця АРЫЕНЦІРУ прыйшлося прыкласці крыху больш намаганняў дзеля дасягнення перамогі – амаль да перапынку АБСАЛЮТ як-неяк трымаўся. Але дубль Зміцера Арочкі на прыканцы тайму (а раней тым жа адзначыўся Зміцер Серакоў) не пакінуў сур’ёзных пытанняў на другую палову. Тая прайшла больш роўна, але ўсё ж такі “атлантаўцы” забілі на адзін мяч болей, і ў выніку іх перамога атрымалася буйнОй (8:3). Адзначым, што яшчэ два гульцы зрабілі па дублю: Андрэй Трызна ў пераможцаў і дэбютант сезона (калі я не памыляюся) “абсалютавец” Улад Пташнік, які, дарэчы, “размачыў” Васіля Платніцкага…
Далей адбыўся цікавейшы (на гэтым, прабачце, бязрыб’і) з суботніх матчаў – МОЦНЫЯ АРЭШКІ перамаглі OSK (5:2). Першага трапнага ўдару давялося чакаць амаль да перапынку – толькі на 24-й хвіліне лік адкрыў Аляксандр Клінчук, астатнім жа часам абаронцы з брамнікамі дзейнічалі бездакорна. А вось у другой палове справа пайшла і ў атацы. Калі Ўладзімір Дзерман трапным стрэлам аднавіў раўнавагу, успомнілася папярэдняя гульня Арэхаў. Але не, паўтарэння не адбылося – у бліжэйшыя хвіліны яны тройчы запар засмуцілі апанентаў. Вылучым хуткі (за 4 хвіліны) дубль Дзяніса Южыка: гэта было і важка, і даволі прыгожа. Дарэчы, вызначэнне “прыгожы” можна прымяняць да большасці галоў гэтай гульні. У канцоўцы каманды зрабілі абмен ударамі, у выніку якога яшчэ адзін дубль аформіў Клінчук – Аляксандра ці Дзяніса я б прапанаваў разглядаць у якасці кандыдатаў у “віпы”. А яшчэ ўвагу аўтара звярнулі (а ён, у свой час, звяртае вашу) на “трансфер стагоддзя”: былы «мексіканец» Сяргей Галавень нечакана апынуўся ў складзе OSK. Дарэчы, ужо амаль не “каралавым”…
Таксама ў героі другога тыдня я б прасоўваў і кагосьці з выканаўцаў “трукаў з капелюшом” у складзе SOLBEGSOFT’а: Юрыя Глобажа ці Зміцера Шмідта. Зрэшты, кожны з шасці гульцоў гэтай каманды варты высокай адзнакі, асабліва за другую палову гульні, у якой няблага дзейнічаўшы да перапынку КЛІМАТ24.БЕЛ быў натуральна знішчаны – 9:0! У першай жа палове была нічыя – каманды па разу выходзілі наперад, і па разу ж аднаўлялі парытэт. Але куды што дзелася у “сініх” потым – навуцы невядома. Усе іх “дасягненні” – гэта трошкі смешны антырэкорд у выглядзе трох аўтагалоў. Солбег жа, нягледзячы на звыклыя для яго па мінулым сезоне праблемы са складам, святкаваў буйнУю і заслужаную перамогу – 11:2. На гэтым сённяшні агляд дазвольце лічыць скончаным, але для вас, як заўсёды, ёсць яшчэ якая-ніякая стытыстыка пад звыклай шыльдачкай:
МікСтТура.
У туры згуляна 5 матчаў; забіта 64 галы (12,8, ў сярэднім за гульню), 3 папярэджанні, выдаленняў няма, 4 аўтагалы, 1 (1) пенальці, «даблаў» няма, 4 разгромы, 1 валявая перамога; «сухароў» і нічыіх няма, “вараў” таксама не было.
VIP туру. Юрый Глобаж (Solbegsoft)
Бамбардзіры туру. Юрый Глобаж, Зміцер Шмідт (абодва – Solbegsoft); Дзяніс Патоцкі, Павал Талкачоў (абодва – Карона); Антон Шынкевіч (Penalty.by); спадар Аўтагол (Клімат24.бел) – усе па 3 забітых мячы.
Брамнік туру. Віталь Садоўскі (Моцныя Арэшкі) – 2 прапушчаныя мячы.
Брамнікі-бамбардзіры – няма.
Матч туру. ???
Разгром. Карона – Гавядзіна (Ялавічына) 19:3
Камбэк. Solbegsoft – Клімат24.бел 11:2 з 0:1.
Хуткі гол туру. Кірыла Туз (Penalty.by, 3-я хвіліна).
Фэйр плэй/няплэй. Карона – 0 фалоў; Арыенцір (2) – 8 фалоў.
27 верасня 2022.